Сценарий праздника кирмаш

Фальклорнае свята для дзяцей старшай групы (5-6 лет) "Восеньскі кірмаш"

сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наташа ВІТКОЎСКАЯ, Валянціна ДУДКО, музычныя кіраўнікі вышэйшай катэгорыі, яслі-сад №13 г.Смаргоні Гродзенскай вобласці. Пралеска 09/2016

Восеньскі кірмаш

Фальклорнае свята для дзяцей старшай групы (5-6 лет)

Праграмныя задачы: фарміраваць асновы музычнай культуры (культуру ўспрымання і выканання), выканальніцкія ўменні і імкненне да самавыражэння ў розных відах музычнай дзейнасці; развіваць эмацыянальную сферу на аснове пашырэння дыяпазону эстэтычных перажыванняў, здольнасць да ўспрымання музычных вобразаў і іх выразнай перадачы ў рухах, якія адпавядаюць характару музыкі; выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, творчыя адносіны да розных відаў музычнай дзейнасці.
Матэрыял і абсталяванне: касцюмы гаспадынь, Жытнёвага каласку, Бульбінкі, Несцеркі, Бабы, Дзеда, Каровы; вырабы з саломы, гліны, ручнікі, стужкі, хусткі, сноп, куфэрак, 4 латарэйныя білеты, бразготка, паштоўка, кошыкі з садавіной і гароднінай, муляж рэдзькі; аўдыёзапісы: беларускага народнага танца «Бульба», песень: «Будзь здаровы, гаспадар» (сл. А. Бадака, муз. А. Балотніка) у выкананні ансамбля народнай музыкі «Бяседа», «Вышита сорочка» (сл. В. Паліканінай, муз. С. Таўкунова), беларускай народнай песні «Саўка ды Грышка», мелодыі «Дажынкі» (У. Шахавай), беларускіх народных мелодый: «Крутуха», «Крыжачок», «Шастак» (апрац. Д. Камінскага), «Лявоніха», беларускай народнай музыкі.
Дзеючыя асобы: вядучы, гаспадыні, Несцерка, Баба, Дзед, Карова — дарослыя, Жытнёвы каласок, Бульбінка — дзеці.

Ход мерапрыемства

У музычнай зале на сталах вырабы з саломы і гліны, ручнікі, стужкі, хусткі, кошыкі з садавіной і гароднінай. Гучыць фрагмент песні«Будзь здаровы, гаспадар» (сл. А. Бадака, муз. А. Балотніка) у выкананні ансамбля народнай музыкі«Бяседа».
Вядучы (В.). Усе тут, ці не?
Дзеці. Усе!
В. Што, сябры, для жыта трэба?
Дзеці. Ну, вядома, трэба глеба.
В. А для птушкі?
Дзеці. Вышыня.
В. А для казкі?
Дзеці. Цішыня.
В. Ну, а што для весялосці?
Дзеці. Каб часцей бывалі госці!
В.

Што за люд у нас сабраўся, —
Нібы пляц шырэй раздаўся?
На якое свята ўсіх нас
Запрашае восень у гэты час?

Дзеці. На кірмаш!
В. Так, кірмаш — гэта свята, якое адбывалася ў пэўную пару года — восенню. Але, перш чым яго ладзіць, трэба было добра папрацаваць на зямлі, вырасціць і сабраць ураджай. На гэтым свяце людзі славілі сапраўдных гаспадароў. I мы сабраліся сёння, каб успомніць народныя традыцыі, навучыцца мудрасці нашых продкаў.

1-е дзіця.
Ой, вясёлае сёння свята!
I гасцей тут у нас багата!
2-е дзіця.
Да нас на свята запрашаем

I сардэчна ўсіх вітаем!
3-е дзіця.
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных усіх гасцей!
4-е дзіця.
Хай песні гучаць і чуецца смех —
Весялосці і радасці хопіць на ўсіх!
В.
Я ў вас вось што запытаю,
Адкажыце, госці, мне:
Ці вам добра тут, ці не?
Бацькі.
Добра!
В.
Ну цудоўна, калі так.
Будзем свята мы вітаць,
Дружна, весела спяваць!

Песня «Чаму ж мне не пець?»

(бел. нар. песня)
В. Слаўную песню вы праспявалі, малайцы! Ну, а зараз паедзем на кірмаш. Там мы ўбачым шмат чаго цікавага.
1-е дзіця. А на чым мы паедзем? У нас жа нічагусенькі няма!
В. Як гэта на чым? Ды на тым, на чым людзі раней ездзілі на кірмаш. На коніку.

Гульня «Бабка Еўка і дзед Талаш»

Дзеці становяцца ў круг і рухаюцца адзін за адным, імітуючы язду на кані.

Бабка Еўка, дзед Талаш,
Го-го-го!
Паехалі на кірмаш,
Го-го-го!
Што павезлі прадаваць?
Го-го-го!
Паспрабуйце адгадаць,
І-хо-хо-хо-хо!

Адзін з дзяцей — водзячы — выходзіць у сярэдзіну круга і паказвае, не называючы, свойскую жывёлу, астатнія пляскаюць у далоні. Той, хто яе адгадаў, становіцца водзячым, і гульня працягваецца.
Адчыняецца заслона, выходзяць гаспадыні кірмашу.
1-я гаспадыня.

Плённай працай, ураджаем
Усіх прысутных мы вітаем,
На кірмаш наш запрашаем!

2-я гаспадыня.

Тут у нас, на кірмашы,
Скамарохі-бульбашы,
Стужачкі ды хустачкі,
Пернікі ды курачкі!

1-я гаспадыня.

Зазірні да нас ты, братка, —
Ёсць цукеркі, шакаладкі,
Абаранкі, піражкі —
Даставайце рубялькі!

2-я гаспадыня.

Але ж тут не толькі
Прадаюць, купляюць,
Тут танцуюць і спяваюць.
Спяшайцеся на кірмаш,

Гульнямі, песнямі парадуйце нас!

В. Ну, калі так, то давайце ладзіць наш восеньскі карагод.

Карагод «Дажынкі»

(муз. У. Шахавай)
Гучыць беларуская народная мелодыя «Крутуха», выбягае Жытнёвы каласок.

Жытнёвы каласок.

Добры дзень, шаноўны люд!
Жытнёвы каласок тут як тут!
А ўбор мой срэбны, не новы.
А хлеб мой просты, жытнёвы!
Жытнёвы хлеб — усяму галава.
Без хлеба і хата — не хата, і свята — не свята,
I поле — не поле, і доля — не доля!
А зараз для парадку

Загадаю вам загадку:

«Сто братоў адным поясам перавязаны». Што гэта?
Дзеці. Сноп.
Жытнёвы каласок бярэ сноп і аддае вядучаму.
В. Дзякуй табе, каласок!
Сноп жытнёвы, прасяны,
Кланяемся табе да зямлі.
Вядучы кланяецца, бярэ сноп.
1-я гаспадыня. А хто другую загадку адгадае? Што ў нашым краі другім хлебам называюць? (Адказы дзяцей і бацькоў.)
2-я гаспадыня. Так, гэта бульба.

Бульбінка-беларусачка,
Зялёная хустачка!
Пекная паненачка,
Шэрая сукеначка.

Гучыць мелодыя беларускага народнага танца «Бульба», выбягае Бульбінка.

Бульбінка.

Добры дзень, мае харошыя!
А якія вы ўсе прыгожыя!
А я такая простая, нязграбная,
Зусім не прывабная?!

1-я гаспадыня. Кінь, Бульбінка, журыцца!
(Звяртаецца да дзяцей і бацькоў.)

Даражэнькія сябры,
Трэба тут дапамагчы.
Хай той запляскае ў ладкі,
Хто любіць з бульбачкі аладкі,
Бабку, клёцкі, пірагі!

Дзеці і бацькі пляскаюць у далоні.
2-я гаспадыня.

Бульбу ўсе ў нас шануюць,
Ёй заўжды гасцей частуюць, —
Стравы розныя гатуюць.

В. Раз-два-тры-чатыры-пяць!
Будзем Бульбінку вітаць!

Песня «Земляныя яблыкі»

(сл. і муз. Я. Жабко)
1-я гаспадыня.

Смялей падыходзьце,
Тавар выбірайце,
Таргуйцеся з намі,
А потым купляйце!

2-я гаспадыня.

Калі хочаш што ўзяць,
Трэба песню праспяваць,
Верш прачытаць

Альбо танец паказаць.

Гучыць беларуская народная мелодыя «Крыжачок», вядучы ідзе да прылаўкаў.

В. Глядзіце, якія цудоўныя ручнікі!

На ручніках і на сурвэтках

Палыхаюць ружы-кветкі.
Тут і пеўнікі, і гусі,
Вышывала іх бабуся.
— Чараўніца наша бабка, —
Аж здзіўляецца Агатка.
— Возьме ў рукі палатно —
Ажывае ўраз яно.

Танец з ручнікамі

пад мелодыю песні «Вышита сорочка» (сл. В. Паліканінай, муз. С. Таўкунова)
Гучыць фрагмент беларускай народнай песні «Саўка ды Грышка». У залу ўваходзіць Несцерка з куфэркам.

Несцерка. Добры дзень! Бачу я — тут народу багата! Будзе добрае свята! Ці пазналі вы мяне? Не? Я ж Несцерка, плясун ды весялун. Усім у бядзе дапамагаю ды народ забаўляю. (Танцуе.) Запрашаю і вас паспяваць, патанцаваць ды ў гульні цікавыя пагуляць, адным словам павесяліцца!
В. Рукі ў бокі, рукі ў бокі!
Пойдзем у скокі, пойдзем у скокі!
Хлопчыкі, запрашайце дзяўчынак на вясёлы танец!

Танец парамі «Шастак»

(бел. нар. мелодыя, апрац.Д. Камінскага)
Несцерка. Вельмі добра танцавалі! А цяпер я хачу пагуляць з вашымі матулямі ды татамі ў «Латарэю».
Гучыць беларуская народная музыка. Несцерка раздае чатыром бацькам латарэйныя білеты.
Несцерка.
Мой чароўны куфэрак адчыняецца,
Мамы і таты сюды запрашаюцца!
Бацькі з латарэйнымі білетамі выходзяць у сярэдзіну залы, па чарзе аддаюць іх Несцерку і атрымоўваюць ад яго прызы.

Бразготку трымайце
I часу не губляйце.
Весела грайце
I нас не забывайце!
Вы прыйшлі нездарма,
Але выйгрышу ў вас няма!
У вас прыгожая паштоўка,

Тут пажаданні ад сяброўкі!
Каб былі добрыя ўспаміны, —
Вам поўны кошык вітамінаў!

(Перадае кошык з садавіной і гароднінай.)
Несцерка. Добра мне з вамі, але час ужо ісці.
Хоць шкада, а ўсё ж — бывайце,
Ды мяне не забывайце!

Несцерка пакідае залу. За дзвярыма чуецца: «Тпру! Прыехалі!» Гучыць беларуская народная мелодыя «Лявоніха», уваходзяць Баба і Дзед.

Баба. Ледзь паспелі на кірмаш з-за тваёй кабылы! Усе бакі адбіла.
Дзед. Любачка мая, не сварыся! Давай што-небудзь купім…
Баба. Грошай няма! Спачатку трэба рагулю прадаць. Дзе ты яе пакінуў? Вядзі сюды! Вунь колькі пакупнікоў!
Дзед вядзе Карову.
Дзед (звяртаецца да бацькоў). Сябры, купіць рагулю не жадаеце? Другой такой няма, прадаём, як дарма!
Баба. Паглядзіце, якая ў яе паходка — плыве, нібы лодка. (Карова ходзіць.) Вось пабачце, якая яна ў мяне ласкавая. (Карова лашчыцца.)
Дзед. Эй, шаноўныя! Кашалькі адчыняйце, сваім гаспадыням рагулю купляйце. Ну, хто пачне торг? Устроім аўкцыён! (Бацькі называюць цану, карова круціцца.)
В. Чакайце, можа мы за рагулю старгуемся?
Дзед. А колькі дасце?
В. Грошай у нас няма. Можа, прыпеўкамі возьмеце?

Песня «Кума мая, кумачка»

(бел. нар. песня, апрац. В. Сярых)
Дзед. Ну, развесялілі вы нас. Добра, бярыце рагулю. Гадуйце яе, добра карміце.
Карова пакідае залу. Баба падыходзіць да стала з гароднінай.
Баба. Дзядулька, ты паглядзі, якую рэдзьку вырасцілі дзеткі! Трэба мне пераняць у іх вопыт.
В. Мы не толькі пра гэта раскажам, але і ў цікавую гульню з рэдзькай пагуляем.

Гульня «Рэдзька»

3 дзяцей выбіраюць «мядзведзя» і водзячага, які з муляжом рэдзькі ў руках садзіцца на падлогу. Астатнія дзеці — «рэдзька на градцы». Яны садзяцца адзін за адным пасля водзячага, абхопліваюць абедзвюма рукамі таго, хто сядзіць спераду, і кажуць:

Мы на градцы сядзім
I на сонейка глядзім!
Свяці, свяці, сонейка,
Каб нам было цёпленька.

«Мядзведзь» тупае.
Дзеці. Хто там?
Мядзведзь. Гэтая, мядзведзь!
Дзеці. Чаго трэба?
Мядзведзь. Рэдзькі!
Дзеці. Дык вырві!
«Мядзведзь» падыходзіць да «градкі» і «вырывае», абхапіўшы рукамі за пояс, «рэдзьку», якая сядзіць апошняй. Потым просіць яе: «Ідзі, мая рэдзька, на дапамогу!», — і яны пачынаюць разам цягнуць наступнага гульца. Так працягваецца да таго часу, пакуль на «градцы» нікога не застанецца.
Баба. Вось, як весела і добра, калі ў полі чыста, а ў каморы поўна!
Дзед. А нам ужо час развітацца і дадому вяртацца!
Баба і Дзед пакідаюць залу.

Песня «Бывайце здаровы»

(сл. А.Русака, муз.І. Любана)
1-я гаспадыня. Вось і скончылася свята. Жадаю вам багата жыць, сваю мову і край любіць!
2-я гаспадыня. Не таму любіць, што за ўсё прыгажэйшы! А таму, што за ўсё даражэйшы і мілейшы!
Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці пакідаюць музычную залу.

ЛІТАРАТУРА:

1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
2. Дубініна, Д.М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна, А.А. Страха, Д.У. Дубінін. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.


Яшчэ на гэту тэму:

З чыстай думай у душы     Музычны кірмаш     

Аксана Кіпцік,

                                                                  музычны кіраўнік вышэйшай

                                   катэгорыі,

                                                                      дзяржаўная установа адукацыі

                                                                               “Яслі-сад №16 г.Калінкавічы”

КАЛІНКАВІЦКІ  КІРМАШ

фальклорнае свята для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Мэта: далучэнне выхаванцаў да нацыянальнай культуры з выкарыстаннем рэгіянальнага кампанента.

Праграмныя задачы: развіваць пазнавальную цікавасць і патрэбнасць да мастацкага пазнання музыкі; фарміраваць станоўчае стаўленне да беларускага фальклора з улікам рэгіянальнага кампанента; пашыраць слоўнікавы запас, выхоўваць павагу да людзей працы.

Матэрыял: беларускія касцюмы для дзяцей і дарослых, музычныя і шумавыя інструменты, муляжы садавіны і гародніны, “карова”, павільёны  ганчарных, саламяных, драўляных вырабаў, садавіны, гародніны, харчовых вырабаў, харчовыя вырабы для дэгустацыі.

Ход свята

Зала ўпрыгожана  жоўтымі лістамі, восеньскімі кветкамі, абсталявана гандлевымі радамі, выставамі дэкаратыуна-прыкладнога мастацтва. Гучыць беларуская народная музыка, уваходзяць Ганна і Сцяпан з дзецьмі.

Ганна:   Што за люд у нас сабраўся-

               Нібы пляц шырэй раздаўся…

               Восеньскі кірмаш ў нас

               Мы вам рады! У добры час!

Сцяпан: На Калінкавіцкі на кірмаш

               Запрашаем, госці, вас,

               Усе, хто ў полі не ляніўся

               Могуць працай пахваліцца

               Усе заходзьце на кірмаш-

               Шчыра запрашаем вас!

Ганна:   Гэй, музыкі, дружна грайце

               І кірмаш наш адкрывайце!

Гучыць полька беларуская,  гандляры  сядаюць каля радоў.

Сцяпан: Гэй вы, хлопцы, сабірайцеся

                І дзяўчаты наражайцеся

                Паспяваем, пагуляем

                І гасцей пазабаўляем!

Ганна:    Праходзьце, калі ласка, госці,

                На наша свята прыгажосці.

                І, як на кірмашы заўжды

                Тут ёсць гандлевыя рады!

Сцяпан:    Дзеці, паглядзіце, мы ж з вамі на сапраўдным кірмашы.

 Цікава, чым жа тут гандлююць?

Гандляры (па чарзе):   Кірмаш – гэта свята, цудоўнае свята!

                                        На ім прыгажосці і працы багата.

                                        Тут цацкі, ласункі, прысмакі гатовы

                                        Вы іх сустрэнеце абавязкова.

                                  Падарыў майстрыхам з Дудзіч

                                  Жыцень сноп свой залаты

                                  Вось з яго і нарадзіліся

                                  Птушкі, цацкі, конікі!

Калі вам патрэбны посуд,

Падыходзьце, дружбакі,

Есць збаночкі і макітры,

І прыгожыя глякі!

                                Есць драўляны посуд-

                                Лыжкі, дошчачкі, каўшы.

                                Беларускія майстры

                                Іх зрабілі ад душы!

Ганна: Як мы зараз з табою, Сцяпанка, на кірмашы, дык давай гарлачыкі                       купляць.

Сцяпан:    Ой, добра, добра, Ганначка, патрэбны нам новы гарлачык.

                   Спадарыня, гандлярка! Мы тавар жадаем набыць.

                   Толькі вось не ведаем, чым табе плаціць?

Гандляр:      Я з вас багата не вазьму!

                      За посуд запрашу я з вас гульню.

                      Але гульня гульні розніца –

                      У “Гарлачык” пагуляць возьміцеся?

Сцяпан:   Калі ласка, спадарыня, у “Гарлачык” гуляць гатовы.

                  Хуценька, дзеткі, станавіцеся ў кола!

ГУЛЬНЯ   “ГАРЛАЧЫК”

Ганна:      Давайце яшчэ што небудзь купляць на кірмашы.

Гандляры:       А вось лен наш сінявокі,

                           Яго поле – нібы мора,

                           Хвалі сінія навокал,

                           З ім мы не спазнаем гора!

Рэчы з яго атрымаліся ладныя,

Мяккія, утульныя, вельмі прывабныя

Дзеці, мудрыя словы ўсе успамінайце

Прыгожы ручнік хутчэй выкупляйце!

МУДРАСЛОЎІ: ( па чарзе)

                               * Варатынскія ткачыхі могуць увесь свет абвіць

                               * Які майстар, такая і работа.

                               * Лянок не любіць лянот.

                               * Рамяство плячэй не абцягвае.

                               * Умеламу рукі не баляць.

                               * Рана ўстанеш, многа зробіш.

Гандлярка:     Малайцы, малайцы, дастаткова.

                         Ручнік аддаю вам за мудрыя словы.

Сцяпан:        Паглядзіце, дзеці, якія прыгожыя чаравічкі прадаюцца.  (купляе)

                       А зараз гэтыя чаравічкі я падарую самай прыгожай дзяўчынцы.                            

Дзяўчынка:      Мне купілі чаравічкі,

                           Як чырвоныя сунічкі.

                           Я ў чаравічкі абулася,

                           Спяваю і любуюся.

ВЫКОНВАЕЦЦА  ПЕСНЯ “ЧАРАВІЧКІ” муз. А. Шахневіча

Сцяпан:       Ой і добра вы спявалі

                      Мо б вы нам і паскакалі?  

ВЫКОНВАЕЦЦА БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ ТАНЕЦ “КРЫЖАЧОК”

Ганна:   Паглядзіце дзеці, на Калінкавіцкім кірмашы не толькі прамысловыя    вырабы, ёсць    таксама і харчовыя.

 Гандляры:        На сняданак і ў абед на стале заўседы хлеб.

                            Хлеб – святыня, хлеб – багацце.

                            Хлеб ў хаце – шчасце ў хаце!

                            Купляйце хлеб абавязкова

                            Калінкавіцкага хлебазавода!!!

   У Калінкавіцкага мясакамбіната

    Вельмі  вырабаў багата

    Тут і  смачныя сасіскі,

    І рулет, і каўбаса

    Калі вы не купіце –

    Вельмі пашкадуеце!

Гародніна і садавіна з Даманавіцкага лімузіна:

  Грыбы, морква, кабачкі, слівы, бручка, буракі,

Бульба, яблыкі, хурма, габузы, і ўсё —  дарма.

    Сцяпан:   Дзеці, а вы ведаеце, што прадукцыя Даманавіцкага агароднінага камбіната  называецца “Восточные грядки”. А каб вы добра запомнілі, мы пагуляем з вамі ў гульню-эстафету.

ГУЛЬНЯ-ЭСТАФЕТА“УРАДЖАЙ З “ВОСТОЧНЫХ ГРЯДОК”

(Дзеці дзеляцца на 2 каманды. Па сігналу яны павінны перанесці муляжы агародніны ў шклянку, якая  стаіць насупраць. Перамагае  каманда, якая першая напоўніць шклянку).

Гучыць беларуская музыка, уваходзяць Дзед з кароваю.

Дзед:      І куды ж гэта я трапіў?

Сцяпан:  Як куды, ці ты не бачыш, на кірмаш вядома.

Дзед:   Вось сюды мне і патрэбна, гэтая ж карова зусім жыцця мне не дае, хочу прадаць яе.

Ганна:  А што з ею?

Дзед:     Уцякае ад мяне, да яшчэ і рагамі бадаецца!

Ганна:  А ты б да яе з ласкаю ды любоўю, песню б ёй пяшчотную паспяваў.

Дзед:    Песню? А што гэтыя каровы панімаюць у песнях? Карова яна і есць карова, адным словам – жывёла…

Ганна:    А вось зараз паглядзім, як сябе будзе паводзіць карова, а дзеці ей паспяваюць.

ВЫКОНВАЮЦЦА  “ПРЫПЕЎКІ (выхавальнікі з музычнымі інструментамі)

Дзед:  Дзякуй вялікі вам. Цяпер я ёй заўседы буду спяваць песні.

Сцяпан:   А мы табе яшчэ і музычны інструмент ў падарунак дадзім. (дае інструмент)

Дзед дзякуе, пад музыку выходзіць з каровай з залы.

Ганна:      Не заўседы нам вось тут

                  Жартаваць, смяяцца

                  Трэба зараз нам, сябры,

                  З вамі развітацца.

  Сцяпан:  Шчыра вам жадаем

                   Каб жылі ў дастатку,

                   Каб у жыцці вашым

                   Усе было ў парадку!

На нашым кірмашы працуе выстава прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў: Калінкавіцкага мясакамбіната, хлебазавода і прадрыемства “Белсыр”. Калі ласка, запрашаем паспрабаваць іх смачныя вырабы. (Дзеці частуюцца)

ДЭГУСТАЦЫЯ Гучыць песня “Беларусь” (з рэпертуара ансамбля “Радзімічы”).

Літаратура:

  1. Вучэбная праграма дашкольнай адукаці. – Мінск: НІА, 2012.
  2. Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. Развіцце беларускага маўлення дашкольнікаў.   Мазыр ТАА ВД “Белы Вецер”. 2008.

Маргарыта ТАРАСЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 83 г. Гродна”

Мэты:

– фарміраваць асновы эстэтычнай культуры сродкамі музычнага мастацтва;
– вучыць актыўна праяўляць сябе ў музычна-выканальніцкай і творчай дзейнасці.

Матэрыял і абсталяванне: вырабы з гародніны і садавіны, абручы, зробленыя з паперы жытнёвыя каласкі, ручнікі беларускія, капялюш, бульба (для гульні), часнок, цыбуля, гарох, бурак (для кірмашу), сноп, дудачка, кошык з яблыкамі.

Папярэдняя работа: гутарка пра кірмаш, пра традыцыі беларускага народу, развучванне вершаў, танцаў і песень.

Ход забавы

Зала мае выгляд святочна ўпрыгожанага кірмашу.
Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці ўваходзяць у залу.

Вядучы:

Што за люд у нас сабраўся,
Нібы пляц шырэй раздаўся,
На якое свята нас,
Запрашае восень у гэты час?

 Дзеці: На кірмаш!

 Вядучы:

Сонца яркае ўстае,
На кірмаш народ ідзе,
Надышоў вяселы час,
Завітаў кірмаш да нас.
Усіх, хто не ленаваўся
Добра справаю займаўся,
І не трапіў марна час
Запрашаем на кірмаш.
Гэй, музыкі, дружна грайце
І кірмаш наш адчыняйце.

Пад музыку ўваходзяць Лявон і Лявоніха.

Лявон і Лявоніха: Добры дзень!

Лявоніха:

Плённай працай, ураджаем
Усіх прысутных мы вітаем.
На кірмаш наш запрашаем!

Лявон:

Тут не толькі прадаюць-купляюць.
Спяшайцеся на кірмаш, гульнямі, песнямі
Парадуйце нас!

Танец “Полька-Янка”.

Дзеці сядаюць. Пад музыку забягае Каласок.

Каласок:

Добры дзень, шаноўны люд,
Каласок жытнёвы тут як тут!
Бачу народу багата – пэўна ж тут нейкае свята?
А ўбор мой срэбны, не новы.
А хлеб мой просты, жытнёвы!
Жытнёвы хлеб – усяму галава.
Без хлеба і хата не хата,
І свята не свята, і поле не поле,
І доля не доля!
Пагуляемся з дзецьмі,
Пазбіраем каласкі з полю.

Эстафета “Збяры каласок”.

Каласок:

А зараз для парадку,
Загадаю вам загадку:
Сто братоў адным поясам перавязаны,
Што гэта?

Дзеці: Сноп.

Каласок бярэ сноп і дорыць вядучаму.

Лявон:

Дзякуй табе, каласок!
Сноп жытнёвы, прасяны
Кланяемся табе да зямлі.

Лявоніха:

А хто другую адгадае загадку?
Хто скажа, хто знае:
Што ў нашым краі другім хлебам называюць?
Слухачы і гледачы, здагадаўся – не маўчы!

Дзеці: Бульба.

Лявон:

Правільна! Гэта бульбінка.
А цяпер пагуляем, дзеці, у гульню “Бульба”.
Бярэм бульбу, трымаем бульбу лбамі і танцуем.

Гульня “Бульба”.

Лявоніха:

А цяпер смялей падыходзьце, тавар выбірайце,
Таргуйцеся з намі, а потым купляйце.
Бульба, цыбуля, калачы ды булачкі,
Крэндзелі ды бублічкі.
Калі хочаш, што ўзяць,
Трэба вершык пачытаць.
Ну, выходзь, хто смелы з вас,
Пачынаем наш кірмаш!

Дзеці чытаюць вершы: 

1. От бабуля важна села
І глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць. 
Як зачэпіш – будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца цыбуля!

(Падыходзіць да Лявона за цыбуляй)

2. У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слез давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Ты не вельмі плач, сынок,
Калі шчыплецца часнок.

(Падыходзіць да Лявоніхі за часнаком)

3. З вусамі, а не стары.
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары,
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох,
Ну, на тое ж ён гарох.

(Падыходзіць да Лявона за гарохам)

4. Не сыдзе з месца ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ціхі вецярок
Зялёную чупрыну.
А возьмуць за чупрыну
Ды выцягнуць з пярыны –
Пачырванее, нібы рак.
Вядома, хто гэта – бурак.

(Падыходзіць да Лявоніхі за бураком)

Вядучы ўбачыў ручнікі.

Вядучы: Якія цудоўныя ручнікі, а ці можна з імі пагуляць?

Лявон і Лявоніха: Можна!

Гульня “Завярніся ў ручнік”.

Лявон: Глядзіце, якія прыгожыя дудачкі ў мяне ёсць.

Вядучы: За колькі грошай прадаеш?

Лявон:

А я дарма аддаю, людзей весялю.
Пагуляйце, дзеці, ў гульню “Мікіта”.

Гульня “Мікіта”.

Вядучы: Станем у круг, для гульні “Мікіта” нам патрэбен вядучы.

Вядучы скача з дудачкай па крузе пад музыку. Калі музыка сціхае, вядучы становіцца паміж двух дзяцей, дзеці становяцца спінамі, а другія кажуць: “Раз, два, тры, бяжы”. Кожны бяжыць у свой бок па крузе. Хто хутчэй дабяжыць да вядучага і дакранецца да дудачкі, той становіцца вядучым.

Лявоніха: Прадам капялюш.

Вядучы: Ой, як мне падабаецца. Ну што з вамі зробіш, трэба купіць. (падае мяшочак з грошамі, прымярае капялюш).

Вядучы:

Якая я прыгожая, вясёлая ў гэтым капялюшы.
Гэй, музыка грай, жару паддавай,
за Лявонам з Лявоніхай паўтарай.

Флэшмоб “Капялюш”.

Лявоніха:

Вось як добра мы гулялі,
песні пелі, танцавалі.
Але, Лявон,трэба нам ужо ў дарогу.
Дзякуй, госці, за падмогу.
Вы так дружна рагаталі,
Нас так хораша віталі,
Падарункі ёсць для вас,
Даруе восеньскі кірмаш (кошык з яблыкамі).

Дзеці: Дзякуй.

Лявон:

Край свой любіце,
Таму, што наш край за ўсе мілейшы
За ўсе прыгажэйшы.

Лявон і Лявоніха: Да пабачэння!

Поделиться ссылкой:

Понравилась статья? Поделить с друзьями:
  • Сценарий про гопников
  • Сценарий праздника золотая свадьба родителей
  • Сценарий про беловежскую пущу
  • Сценарий праздника евреев
  • Сценарий принятия присяги мвд